«Казка» па-беларуску
Уласн.інф.
Нагадаем, што адразу пасля абвяшчэння пераможцаў маскоўскага «Эўрабачання» грамадскі рэдактар «Свабоды» Сяржук Вітушка прапанаваў перакласці на беларускую мову тэкст пераможнай песні Аляксандра Рыбака «Fairytale» («Казка»). Ініцыятыва атрымала шырокі розгалас, і за некалькі дзён з’явілася блізу двух дзесяткаў арыгінальных версій. На меркаванне самога спадара Вітушкі, найлепшым адаптаваным перакладам стаў верш за аўтарствам Кастуся Знарачана. На другім месцы апынуўся вядомы беларускі бард Сяржук Сокалаў-Воюш.
Пад псеўданімам Знарачан схаваўся Кастусь Севярынец, віцебскі паэт і перакладчык, бацька палітыка Паўла Севярынца. Цікава, што ў творчых колах спадар Севярынец больш вядомы як расейскамоўны паэт, ён лаўрэат прэміі расейскамоўнага амэрыканскага літаратурнага часопіса «Флорида». Апошнім часам шмат і плённа піша па-беларуску, пра што сведчыць і поспех у свабодаўскім конкурсе. Спадар Кастусь кажа, што яму было надзвычай лёгка ўхапіць сутнасць і песні, і самога выканаўцы:
«Калі я паслухаў Рыбака, я зразумеў: гэта — беларус, што б там ні гаварылі. Мелодыка, самі паводзіны і ўсё іншае — абсалютны беларус, няхай бы ён спяваў нават на хіндзі. Таму гэта неяк адразу лягло на душу, бо свой жа хлопчык! Тым больш, ці не ў кожнага было першае каханне. А гэта, як я зразумеў, песня аб першым каханьні. А для нас заўсёды першае каханне застаецца казкай, відаць. Уражанні мае вельмі станоўчыя, і мне вельмі прыемна, што гэта наш беларус, кім бы ён ні быў — нарвежцам, амерыканцам, ізраільцам, але ж беларус».
Радыё Свабода перадала Аляксандру Рыбаку ўсе дасланыя на конкурс беларускія пераклады ягонай песьні — і, магчыма, у адзін з прыездаў у Беларусь у рэпэртуары пераможцы «Эўрабачаньня» зьявіцца і беларускамоўная вэрсія «Казкі».

Кастусь Севярынец
Казка. (Паводле Алеся Рыбака)

Мне дзяўчынку-аблачынку
Лёс з нябёс, відаць, паслаў.
Патаналі мы ў абдымках,
Я ёй вусны цалаваў.

Я кахаў, святы і грэшны,
Як я ўмеў адзін.
Са слязой цяпер усмешка,
З жалем успамін.

Дзень сварыў — мірыла ночка,
Што было, даўно прайшло.
З аблачынкай-сінявочкай
Маё шчасцейка сплыло.

І няма душы спачынку,
Памяць рады не дае:
Пра дзяўчынку-аблачынку
Мары марныя мае.

Я кахаў, святы і грэшны,
Як я ўмеў адзін.
Са слязой цяпер усмешка,
З жалем успамін.


 


вверх