«ХАМЯКІ» PDF Печать E-mail
14.07.2012 21:16

Zakonnikov-columnАдзін з маіх роздумаў называўся «Лысыя вожыкі». Выраз, мяркуючы па чытацкіх водгуках, спадабаўся дакладнасцю азначэння паводзін, маральнага і псіхалагічнага стану, у якім знаходзіцца насельніцтва краіны. Яго не трэба лічыць абразай, бо беларусам дае характарыстыку само жыццё.

На гэты раз згадаю яшчэ адно мілае стварэнне прыроды, паводзіны якога пераймаюць людзі. Гэта распаўсюджаны па свеце грызун — хамяк, які вызначаецца фантастычнай запаслівасцю. Маючы цела ад 5 да 34 см, хвост ад 0,7 да 10 см, звярок можа нарыхтоўваць на зіму каля цэнтнера (!) харчу.

Нядаўна, стоячы ў чарзе ў банку, каб заплаціць за карыстанне тэлефонамі, давялося стаць сведкам тыповай сцэнкі. Тут зноў сышліся савецкі «развіты сацыялізм» і сучасны «дзікі капіталізм». Па-першае, не працавала палова касаў, на акенцы адной з якіх вісела аб’ява, што тэрмінова патрабуюцца аператары. Мець вялікія грошы хочуць усе, а працаваць з імі ахвотнікаў не хапае. Па-другое, чаргу да двух адчыненых акенцаў хвілін на трыццаць тармазнулі каларытныя кліенты. Дзябёлая маладзіца гадоў 28 — 30 з дапамогай ахоўніка прывалакла некалькі сумак грошай і распіхвала выручку на розныя рахункі, даводзячы амаль да шаленства цярплівую касірку. З «мадамай» усё было ясна — яна прыйшла сюды «всерьёз и надолго», як любіць паўтараць кумір беларускага электарата, маючы на ўвазе ўласную персону. Але зусім нечакана ў канкурэнцыю з ёй па працягласці таптання каля акенца ўступіў глухі, падслепаваты дзядок з кульбаю, які выпытваў самы выгадны рахунак і на ўсю залу папераменна крычаў то «Га!», то «Ага!». Прытым аказалася, што гэты кліент — дасведчаны чалавек, ён сам закідваў касіра прапановамі. Зацягнутыя дыялогі заклапочанай маладзіцы і глухога дзядка з аператарамі выклікалі рэакцыю чаргі, якая загаварыла пра савецкі і новы час, пра начальства, пра парадкі. Усё звялося да таго, што раней на злодзеяў, махляроў, марнатраўцаў, паклёпнікаў, прахіндзеяў можна было знайсці хоць нейкую ўправу. Цяпер жа іх развялося з верху і да нізу столькі, што сумленнаму чалавеку няма жыцця. Але ўладзе і грамадству на гэта пляваць, яны існуюць згодна выразу: «Не чапай — павалюся!», а прад вачыма ва ўсіх — адно бабло.

За мною стаялі два сябрукі перадпенсійнага ўзросту. З гаворкі рабацяг, у якіх былі адгулы, зразумеў, што яны — уладальнікі легкавушак і збіраюцца ехаць у гараж, каб рамантаваць машыну. Адзін быў з унукам, які бавіў час яздой каля банка на самакаце, але раз-пораз прыбягаў, тармасіў дзеда: «Ну, калі паедзем?».

Час ляцеў. Мужчыны нерваваліся, бо трэба не толькі зняць грошы, але і купіць запчасткі. Больш гаваркі не вытрымаў: «Укалваеш у двух месцах, і ўсё роўна грошай не хапае, а гэтыя «хамякі», бач ты, як трамбуюць рахункі. Дамачка яўна мае страху ва ўладзе, цяпер без гэтага — нікуды! Самастойныя прадпрымальнікі, як і мы, канцы з канцамі ледзьве зводзяць. А дзед, відаць, ва ўсім сябе абжымае, рубель да рубля кладзе. Толькі навошта гэта яму?» Сябра ўсміхнуўся: «Не скажы! Такіх састарэлых «алігархаў» у нас шмат. Для іх важная лічба, якая расце на рахунку. Яны думаюць не пра дзяцей, унукаў і праўнукаў, не пра Бога, а моляцца толькі на яе. Азарт і асалоду маюць! Але не яны — наша бяда. Ёсць хамякі больш небяспечныя». У дыскусію зноў уключылася чарга, бо многім тое, што робіцца ў краіне, даўно абрыдла…

Гаворак шмат, а канкрэтных крокаў да паляпшэння сітуацыі пакуль няма. Вертыкальшчыкам сапраўды «повезло с народом», дакладней кажучы — з насельніцтвам. Народ, хоць гэтае слова любяць прамаўляць з трыбун, ні ў чым не выявіўся. Людзі не змушаюць чыноўнікаў выконваць Канстытуцыю, законы, не яднаюцца ў абароне правоў і свабод. Яны раскіданы рэжымам па іерархічных і сацыяльных групах, падкупляюцца памерам зарплат, пенсій і падачак, нацкоўваюцца адзін на аднаго і такія запалоханыя, замбіраваныя, што пакорліва выконваюць любыя каманды, моўчкі сустракаюць як чарговае павышэнне цэн, так і валюнтарысцкае будаўніцтва АЭС.

Асноўная маса насельніцтва не адносіцца да катэгорыі «хамякоў». Сем’і выжываюць, як умеюць, у іх няма магчымасці адкладваць нешта з зарплат або пенсій, звычайна ёсць невялікі запас прадуктаў першай неабходнасці.

«Хамякоў», якіх убачыў у банку першы рабацяга, плодзіць рэжым. Вельмі кепска, што прадпрымальнікі падзелены на «сваіх» і «чужых», што чыноўнікі і сілавікі адных «крышуюць», а другіх рабуюць або знішчаюць. Але нават у жудасных умовах малы і сярэдні бізнес павінен развівацца, бо на ім ва ўсіх заможных краінах трымаецца эканоміка.

Нельга дакараць і людзей, якія па сваёй волі недаядаюць, не лечацца, а здаюць сродкі дзяржаве, хоць у любы момант усё можа абясцэніцца. Ёсць «калекцыянеры грошай», але найбольш тых, хто робіць запас, бо помніць «чорныя дні». Акрамя таго, многія сівыя кліенты банкаў свядома дагаджаюць роднаму ім «па крыві» кіраўніку, вераць, што ўкладзенымі рублямі ратуюць крызісную эканоміку.

Намнога сур’ёзней праблема, якую пазначыў другі рабацяга. Пасля развалу СССР розным дзялкам, прахіндзеям захацелася ўлады і грошай. У прававым хаосе імкліва вырастала племя ўзаконеных злодзеяў, «тлустых хамякоў». Калі сустракаліся два сябры, то адкрыта пыталіся адзін у аднаго: «Ну, колькі ўкраў? А я больш!» Гэта тычыцца не толькі «імгненных алігархаў», але і людзей, якіх рэкламавалі «белымі і пушыстымі». Паказальнымі з’яўляюцца «подзвігі» Я. Строева, расійскага сенатара і губернатара, які не толькі сарваў імпічмент у Беларусі, але і прысабечыў з «сям’ёй» амаль палову Арлоўскай вобласці.

Задача ставілася такая — украсці столькі, каб стаць доларавым мільянерам, каб мець магчымасць выбіраць: захачу — жыву тут, хачу — за мяжой.

Апетыт беларускіх «хамякоў» таксама расце. Прытым не толькі тых, якія блізкія да «цела», але і любога дробненькага чыноўніка. Утрамбаваўшыся на пасаду, першае, што ён робіць, — гэта прымушае падначаленых адгрукаць яму даміну. Затым даходзіць да смешнага: жывучы ў райцэнтры, які далёка не адышоў ад вёскі, дзе маюцца гароды, дзе па вуліцах блукаюць козы і куры, за 5 — 10 км ад яго будуе яшчэ адзін катэдж, цяпер — дачны.

Крымінальныя справы, заведзеныя на такіх «дзеячаў», калі тыя ў нечым не дагадзілі «ўладару», паказваюць, што яны нават аднаго года не могуць адпрацаваць сумленна. Пра тыповую з’яву трапна напісаў расійскі гісторык В. Ключэўскі: «Эти князья без всякого блеска, без признаков как героического, так и нравственного величия… Когда в обществе падают общие интересы и помыслы его руководителей замыкаются в сердоликовую коробку, положением дел обыкновенно овладевают те, кто энергичнее других действует во имя интересов личных… В опустошенном общественном сознании оставалось место только инстинктам самосохранения и захвата».

Эпоха, якая звалілася на галовы беларусаў з прыходам аўтарытарызму, характарызуецца як меркантыльная, прымітыўна гламурная, пустая. Такой яна і застанецца ў гісторыі. Жыццё паказала, што самымі небяспечнымі для краіны і грамадства становяцца «хамякі», якія нахабна ўзурпіруюць уладу, дзеляць агульнае багацце адпаведна сваёй лаяльнасці, прыналежнасці да пэўных кланаў.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов